Белорусский четверг 11.01.2024

Краса жыцця Ядвігіна Ш. – пісьменніка “з пэўна скрышталізаванай індывідуальнасцю” (да 155-годдзя з дня нараджэння Антона Іванавіча Лявіцкага)

 Літаратурная творчасць Антона Іванавіча Лявіцкага шматжанравая. Ён вядомы як аўтар баек у прозе, лірычнага апавядання, сатырычнай замалёўкі, дарожных нататкаў, фельетона, мастацкай публіцыстыкі, мемуараў. Вялікае значэнне для станаўлення буйной празаічнай формы беларускай літаратуры меў яго раман «Золата». Творчасць Ядвігіна Ш. адыграла значную ролю ў фарміраванні норм беларускай літаратурнай мовы, удасканаленні сістэмы яе стылістычных сродкаў, пашырэнні выяўленчых магчымасцей.

Нарадзіўся 4студзеня 1869 года ў маёнтку Добасна Рагачоўскага павета (цяпер Кіраўскі раён) у сям’і Яна і Вольгі Лявіцкіх, дзе яго бацька служыў упраўляючым маёнтка.

Неўзабаве сям’я Лявіцкіх пераехала ў Карпілаўку пад Радашковічамі на Міншчыне. Тут у 1877—1878 гг. Антон Лявіцкі вучыўся ў нелегальнай школе ў Люцінцы, якую арганізавала дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — Каміла. Пасля паспяхова скончыў Мінскую губернскую гімназію і паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта.

8 сакавіка 1890 года за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях Ядвігін Ш. быў арыштаваны і зняволены на некалькі месяцаў у Бутырскую турму. У турме ён пераклаў папулярнае на той час апавяданне У. Гаршына  «Сігнал», выдадзенае ў Маскве ў 1891 годзе.

Па вызваленні з турмы Ядвігін Ш. не дамагаецца аднаўлення ва ўніверсітэце. Ён здае экзамен на аптэкарскага практыканта, праходзіць практыку ў адной з маскоўскіх аптэк і выязджае на Беларусь, дадому ў  Карпілаўку. Тут ад цяжкай хваробы памірае яго бацька, а неўзабаве здараецца пажар, які знішчыў бацькоўскі дом. Ядвігін Ш. будуе для сям’і невялікую хатку з двух пакояў і кухні, а сам адпраўляецца ў Мінск і здае экзамен на аптэкара. Пасля непрацяглай практыкі пераводзіцца ў Радашковічы, дзе працуе памочнікам правізара і будуе Карпілаўскі дом.

У 1894 годзе Антон Лявіцкі пабраўся шлюбам з радашковіцкай швачкай Люцыяй Аляксандраўнай Гнатоўскай, якая па сканчэнні віленскай школы крою і шыцця працавала ў мястэчку. Па ўспамінах дачкі, Ванды Лявіцкай, Люцыя была маладзейшая за свайго мужа на пяць гадоў. У шлюбе нарадзілася чацвёра дзяцей: Ванда, Лявон, Вацлаў і Казімір.

У 1903—1904 гадах супрацоўнічаў з мінскімі і віленскімі прагрэсіўнымі выданнямі: выступаў з апавяданнямі, публіцыстычнымі артыкуламі і карэспандэнцыямі мясцовага характару на рускай і польскай мовах, дзе закранаў пытанні нацыянальнага кшталту, праблему перыядычных выданняў на роднай мове, сялянскага жыцця і інш., якія, аднак, асаблівай вядомасці яму не прынеслі. Першае апавяданне Ядвігіна Ш. на беларускай мове, якое мела назву «Суд», было надрукаванае ў трэцім нумары газеты «Наша доля» 20 верасня 1906 года.

Маёнтак Ядвігіна Ш. часта наведваў сын суседа-арандатара Дамініка Луцкевіча па імені Ян, які пазней стане буйнейшым беларускамоўным паэтам XX стагоддзя пад псеўданімам Янка Купала.

У 1909—1910 г. жыў у Вільні, працаваў сакратаром, а затым загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы». Шмат піша і друкуецца. У 1913 г. працаваў у рэдакцыі газеты «Беларус». На гэты час прыпадае найбольш плённы ў жыцці пісьменніка перыяд 1906—1914 гадоў.

Увесну 1910 года пісьменнік здзяйсняе сваю даўнюю мару — павандраваць пешшу па Беларусі. Ён пешшу з Вільні да Карпілаўкі праходзіць больш за 500 км. У сваіх падарожных нататках, апублікаваных у «Нашай Ніве» пад назваю «Лісты з дарогі», Ядвігін Ш. распавядае пра мястэчкі і вёскі, цікавых людзей, што сустракаліся яму на шляху, а таксама разважае над эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі беларускага сялянства, выказвае шмат думак пра родную мову і народную асвету.

Адзін за адным — у 1912 годзе «Бярозкі», а ў 1914 годзе «Васількі» — выйшлі два зборніка апавяданняў пісьменніка. Апошні з іх быў выдадзены ў друкарні Марціна Кухты пры грашовай падтрымцы княгіні Магдалены Радзівіл.

З лістапада 1913 да студзеня 1915 года Ядвігін Ш. пераязджае з Вільні ў Мінск, дзе арганізоўвае і становіцца тэхнічным рэдактарам штомесячных беларускіх часопісаў: сельскагаспадарчага «Саха» і для дзяцей і моладзі «Лучынка».

У часе Першай сусветнай вайны працуе ў Мінскім цэнтральным бюро працы і кіраўніком швацкіх майстэрняў вайсковага рыштунку.

Падчас Першай сусветнай вайны ў Карпілаўцы працаваў прытулак для дзяцей бежанцаў, дзе ўся праца з дзецьмі вялася па-беларуску. Ёсць меркаванне, што менавіта паездка ў Карпілаўку падштурхнула М. Багдановіча да пачатку працы па напісанні беларускага буквара.

У часе вайны Ядвігін Ш. захварэў на сухоты горла. У 1918 годзе яго стан рэзка пагоршыўся, што вымусіла яго легчы на лячэнне ў Мінскі шпіталь, а потым выехаць на жыхарства ў Карпілаўку. Праз некаторы час пісьменнік пачынае супрацоўнічаць з газетай «Беларус», друкуе там свой раман «Золата» (1920) — адзін з першых твораў буйнога эпічнага жанру ў беларускай літаратуры. Увосені 1920 года Ядвігін Ш. прыязджае ў Вільню і рыхтуе да выдання свае «Успаміны», першую частку якіх выдае ў 1921 годзе.

У пачатку 1922 года здароўе пісьменніка значна пагаршаецца і 24 лютага ў адным са шпіталяў Вільні ён памірае.

Духоўны свет пісьменніка напоўнены пачуццём нацыянальнага самаадчування, нацыянальнай самасвядомасці. Яшчэ ў камеры Бутырскай турмы, пад беларускія песні студэнтаў Мінскага і Віленскага зямляцтваў, паводле яго слоў, «пазнаў я сябе беларусам». 3 захапленнем ён пісаў пра «выдатныя вершы Янкі Лучыны» і «цудоўныя вершы «Беларускай дудкі». Думку пра тое, што жывая беларуская мова «гладкая, пявучая, лірычная, багатая ў словы і звароты, каторых хватае выказаць нават такія чароўныя творы, як Міцкевіча», Ядвігін Ш. пацвердзіў сваёй мастацкай творчасцю.

Ядвігін Ш. увайшоў у беларускую літаратуру як навеліст, нарысіст, фельетаніст, перакладчык, аўтар аднаго з першых беларускіх раманаў. Пісаў ён на беларускай, польскай і рускай мовах.

Наватарская заслуга Ядвігіна Ш. і ў развіцці жанру мемуараў. У асобе апавядальніка чытач бачыць не раўнадушнага фактографа, а чалавека, ахопленага самымі рознымі пачуццямі: то светлай журбой, то пафасам народнага заступніцтва, то дасціпным гумарам. У гутарковую апавядальную плынь натуральна ўключаюцца фразеалагізмы.

Яго адзначае своеасаблівая стылявая манера, для якой характэрна чуласць да народнага слова і вобраза, дынамічнае, не застылае ў сваіх сувязях і значэннях слова, змястоўнасць формы. Сваёй творчасцю Ядвігін Ш., пісьменнік з «пэўна скрышталізаванай індывідуальнасцю і для беларускай літаратуры характэрнай», заклаў традыцыі, якія знайшлі далейшае развіццё ў творах майстроў мастацкага слова.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Петрачэнка В.С.